Боб з гарохам

Вось гэта я атрымаў літаральна праз гадзіну пасьля напісаньня папярэдняга постынгу. Слава Богу за "закон захаваньня царквы ў сьвеце". Калі ёсьць "царква", заўсёды знойдзецца і ЦАРКВА!

"... І на камені гэтым Я збудую Царкву Маю, і брамы пякельныя не адолеюць яе".


Христианский правозащитный дом

Belarus, Minsk

christian.house@gmail.com tel. +375 29 7020305

РЭЛІГІЙНЫЯ І ГРАМАДСКІЯ ДЗЕЯЧЫ КАМЕНТУЮЦЬ ЗНЯВОЛЕННЕ ЗМІТРА ДАШКЕВІЧА

На просьбу ініцыятывы "Хрысціянскі праваабарончы Дом" арышт і зняволенне Змітра Дашкевіча каментуюць беларускія рэлігійныя і грамадскія дзеячы.

Сяргей Цвор, епіскап Саюзу цэркваў Хрысціянаў веры Евангельскай у Мінску і Мінскай вобласці:

- Ёсць два асноўных віда пакутаў: пакуты за праўду і пакуты за парушэнне праўды. Ісус Хрыстос сказаў: "Шчаслівыя, каго гоняць за праўду, бо іх ёсць Царства Нябеснае" (Евангелле ад Мацьвея 5:10). Апостал Пётр піша: "Бо люба Богу тое, калі хто, думаючы аб Богу, пераносе гора, церпячы несправядліва." І яшчэ ў Бібліі напісана: "Толькі каб не цярпеў хто з вас мукі, як забойца, або злодзей, або злачынец". Гэта значыць, што калі чалавек церпіць пакуты за праўду, то яму няма чаго баяцца, а калі за парушэнне закона – тады пакаранне справядлівае.

Калі ў любым грамадстве пачынаецца уціск за праўду, то гэта гаворыць толькі пра слабасць і бяссілле тых, хто гэты ўціск здзяйсняюць. Гэта з'яўляецца знакам іх хуткага канца. Так кажа Слова Божае.

Варта толькі паглядзець на лёсы тых, хто чынілі ганенні на праведнікаў, каб зразумець, які страшны Бог у гневе сваім. Надыходзіць час, калі ўсім стане зразумела, хто пакараны справедліва, а хто – незаконна.

Барыс Чарнаглаз, пастар:

- Я як пастар і як служыцель вельмі заклапочаны тым, што рэпрэсіі чыняцца ў адносінах да маладога хрысціяніна і грамадскага дзеяча. Зміцер не хаваў сваёй веры ў Бога і заўсёды адкрыта абвяшчаў сваю пазіцыю. Ягоная пазіцыя палягае на тым, што кожны мае выбар. Гэта права нам дадзенае Богам. Мяне глыбока непакоіць, што ў нашай краіне хрысціяне і грамадскія дзеячы падвяргаюцца крымінальнаму пераследу за свае перакананні.

Аляксей Шэін, сустаршыня аргкамітэту партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя":

- Тое, што Змітра Дашкевіча трымаюць у зняволенні, абвінаваціўшы паводле артыкулу 193 Крымінальнага кодэксу, гаворыць пра жаданне ўладаў ізаляваць самых смелых і здольных арганізатараў вулічных акцыяў. Спачатку Павал Севярынец і Мікола Статкевіч, зараз – Зміцер. Аляксандра Казуліна, дарэчы, асудзілі на пяць з паловай гадоў таксама за правядзенне масавай акцыі. Выглядае на тое, што цяперашні рэжым найбольш баіцца менавіта вулічнай актыўнасці.

Нагадаю таксама, што артыкул, уведзены напрыканцы мінулага году, прадугледжвае зняволеньне за ўдзел ня толькі ў незарэгістраваных грамадскіх, але і рэлігійных арганізацыях. А ў Беларусі зараз адных толькі пратэстанцкіх цэркваў, якія ня маюць рэгістрацыі – каля 200.

Дарэчы, сам Зміцер – хрысціянін, пратэстант. Непакоіць, што адміністрацыя СІЗА №1 на вул. Валадарскага ўжо на працягу двух тыдняў адмаўляецца перадаць яму ў камеру Слова Божае: ні Бібліі цалкам, ні асобна Новага Запавету Зміцер так і не атрымаў, хоць яго сябры спрабуюць перадаць гэтыя кнігі з першых дзён ягонага зняволення. Сам Зміцер піша ў лістах, што менавіта такой духоўнай падтрымкі, як Слова, яму зараз вельмі не стае… Дык што, цяпер і Біблія пад забаронай?

Таццяна Севярынец, маці палітвязня Паўла Севярынца :

- Я добра ведаю Зміцера, ён не аднойчы гасціў у нас ў Віцебску. Ён упарты, разумны і прынцыповы. У такі час давялося нарадзіцца нашым хлопцам – майму Пашы, Зміцеру ды многім іншым ... Але яны ведаюць, што робяць. Іхнія ўчынкі адгукнуцца ў гісторыі. У іх ёсць чысціня і трывалы падмурак. За імі будучыня.

Тое, што з імі зрабілі - гэта бязглуздзіца і ганьба для ўладаў. Бо не там іхняе месца. Не там! Яны маюць чысціню і адданасць сваёй справе, і таму іх баяцца. Але, як любіць паўтараць мой сын, Бог не дае выпрабаванняў па-над сілу... І яны вытрымаюць, я ў іх веру.

Мы вельмі перажываем за Зміцера. Ён маладзейшы за нашага сына, а ўмовы там, на Валадарцы, больш цяжкія. Мы гэта ведаем, бо былі там не адзін раз. Але ён вытрымае.

Вельмі цешыць, што побач з нашымі хлопцамі ўстаюць новыя маладыя людзі. Я ведаю, што іхнія ўчынкі шмат каго натхняюць і вучаць любіць свабоду. А Павал, Зміцер, Артур Фінкевіч, Цімафей Дранчук ды іншыя, - дзе б яны не былі, яны ніколі не стануць рабамі.

Даведка:
15 верасня Зміцера Дашкевіча выклікалі ў Пракуратуру на "экспертызу голасу". Следчы па тэлефоне сказаў, што "экспертыза" зойме 15-20 хвілінаў. Зміцер апрануўся у строй, завязаў гальштук і паабяцаў, што праз гадзіну вернецца. Але не вярнуўся... У Пракуратуры Дашкевічу паведамілі, што да суда ён будзе ўтрымлівацца ў ізалятары.

Крымінальная справа на лідэра "Маладога Фронту" была заведзеная 27 сакавіка гэтага году. Яго абвінавачваюць ў парушэнні арт. 193 Крымінальнага Кодэксу "арганізацыя альбо кіраванне грамадскім аб`яднаннем, рэлігійнай арганізацыяй альбо палітычнай партыяй, ... якія не прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю". Гэты артыкул быў распрацаваны ў КДБ. Паводле яго ўжо асуджаныя актывісты ініцыятывы "Партнерства".

Belarus, Minsk Christian Human Rights House

christian.house@gmail.com tel. +375 29 7020305


Add a Comment
   
© 2008 Multiply, Inc.    About · Blog · Terms · Privacy · Corp Info · Contact Us · Help

Template design Copyright © 2005 Remi Prevost Some rights reserved.